МАГІЛЁЎСКІ ДОМ ГУБЕРНА́ТАРА Існаваў у 2-й пал. 18—1-й пал. 20 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1778 на б. Губернатарскай пл. ў стылі класіцызму. З’яўляўся рэзідэнцыяй магілёўскіх губернатараў
(у 1872—93 А.С.Дамбавецкага). Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак, завершаны вальмавым дахам. Гал. фасад вылучалі 3 рызаліты (цэнтральны з нязначным выступам завершаны трохвугольным франтонам, бакавыя аздоблены вуглавымі пілястрамі),
падзелены карнізным поясам на 2 ярусы. 1-ы ярус аздоблены рустам. Рытм фасадаў стварала сетка прамавугольных аконных праёмаў, завершаных у 2-м ярусе плоскімі сандрыкамі, на цэнтр. рызаліце — трохвугольнымі франтончыкамі. Двор быў абнесены каменнай сцяной, да якой прыбудаваны стайня, свірны і інш.гасп. пабудовы. Уваход у двор афармляла манум. брама ў выглядзе плоскага 4-калоннага порціка з арачным праездам у цэнтры, яна злучала дом з Магілёўскім губернскага праўлення будынкам, утвараючы адзіны ансамбль. У 1944 узарваны ням.-фаш. захопнікамі.